alesarkush (alesarkush) wrote,
alesarkush
alesarkush

Што нам рабіць для дасягненьня шчасьця?..

Сёньняшняга Лявона Вольскага мы ведаем галоўным чынам па гурту “Крамбамбуля” і гумарыстычных песьнях пра Саўку і Грышку, якія гучаць на Радыё Свабода. Цяперашнюю ягоную бурлескную творчасьць напэўна можна акрэсьліць тэрмінам “іранізм”. Менавіта Лявон Вольскі з’яўляецца яскравым прадстаўніком гэтага літаратурнага накірунку ў Беларусі. Сюды яшчэ можна дадаць хіба што Юрыя Гуменюка, Віктара Жыбуля і Веру Бурлак. І вялікае зьдзіўленьне атрымае малады прыхільнік творчасьці Вольскага, калі возьме ў рукі яго невялічкі паэтычны зборнічак “Фотаальбом”, які выйшаў напачатку ХХІ стагоддзя ў Менску.

Заглаўны верш зборніка, верлібр “Дзе я жыў раней...”, як бы настройвае чытача на экзістэнцыйную хвалю. У ім аўтар з настальгіяй згадвае месца, дзе ён жыў раней, дзе “здараліся дзіўныя рэчы”, якія прымушалі пераканацца “ў наканаванасьць лёсу, у выключнасьці прызначэньня”. Пасля таго, як лірычны герой кнігі з’ехаў у заасфальтаваны горад, гэтыя дзіўныя рэчы зьніклі.

У гэтай кнізе самыя здавалася б прыкольныя і просьценькія вершы маюць філасофскі падтэкст.

Нават калі ён цяжка разпазнаецца, дык абавязкова знойдзецца радок, які нясе глыбокую думку. Напрыклад, як у вершы “Можна мець адмысловую практыку...” знаходзім наступныя два радкі: “Можна верыць у сьветлае заўтра, А на сёньня застацца ні з чым”. Увогуле гэтая думка Вольскага, пра тое, што нельга забываць пра сёньняшні дзень і жыць толькі заўтрашнімі мроямі, стала падставовай ва ўсёй яго творчасьці. Падаецца, і зыход яго з NRM у «Крамбамбулю» адбыўся з гэтай прычыны.

Але якія б вершы і песні не пісаў Волькі, ён заўжды застаецца глыбока нацыянальным творцам. Заўжды ў яго творах прысутнічаюць тэмы беларускай ідэнтыфікацыі і роднай мовы.
У зборніку “Фотаальбом” ужо бачны і Вольскі публіцыст, які адгукаецца на штодзённыя праблемы краіны і грамадства. Узорным у гэтым пляне верш “Парады псыхоляга”, у якім аўтар тлумачыць, што ня трэба рабіць у Беларусі, каб заставацца псіхічна здаровым.

Бясконца можна гэты сьпіс працягваць,
Аб'ём давесьці да таўшчэзнай кнігі
(хаця чытаньне кнігаў вельмі шкодзіць).
І будзе зразумела ўсім і ўсюды,
Чаго і як, і дзе рабіць ня варта.
А вось на конт таго, што варта зьдзейсьніць
Што нам рабіць для дасягненьня шчасьця,
Гармоніі і згоды, і свабоды,
Удасканаленьня ўласнае асобы...
Дык тут даваць парады я няздольны,
На гэты конт ня ведаю нічога.
А каб мне ведаць гэтыя сакрэты,
Дык жыў бы я ў гармоніі і згоде,
А не бадзяўся ўночы, беспрытульны,
Ня думаў бы пакутліва-балюча,
Ня выў бы на поўню і ня піў бы болей
У падваротні з бруднымі бамжамі.


Tags: Лявон Вольскі, думкі, кнігі, літаратура
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Comments allowed for friends only

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 0 comments