?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

«Максымальна рэалізавацца ў дадзеным часе і прасторы»

Доўгі час я думаў, што галоўны літаратурны ўнёсак у беларускую літаратуру сябры Таварыства Вольных Літаратараў (ТВЛ) зрабілі ў жанры паэзіі. Дастаткова назваць трох паэтаў, якія стаялі ля вытокаў ТВЛ – Славамір Адамовіч, Юры Гумянюк і Юрась Пацюпа. Прычым апошнія два пазыцыянавалі выключна як паэты. Чыстым празаікам у таварыстве быў толькі Вінцэсь Мудроў. Праўда, можна згадаць, што Юры Гумянюк яшчэ напачатку 90-х рабіў спробу напісаньня раману. Першая частка «Апосталаў Нірваны» зьявілася ў 1995 годзе ў тэвээлаўскім часопісе «Калосьсе» (№2-3). Другая так і ня трапіла ў друк. Ходзіць легенда, што заключная палова «Апосталаў Нірваны» існавала, але недзе згубілася ў архівах аўтара (пра гэта я чуў ад самога Юры). Але калі раман быў напісаны, чаму Юра яго не надрукаваў? «Калосьсе» ж спраўна выходзіла да канца 90-х. Магчыма, другая частка не была завершана і Юра ўсё адкладаў і адкладаў дарабленьне свайго празаічнага «цьвіка». Цяпер ужо пра гэта яго не спытаеш. Будзем спадзявацца, што «рукапісы не гараць» і мы яшчэ зможам прачытаць «Апосталаў Нірваны» цалкам.
А пакуль прапаноўваем увазе чытачоў яго зборнік нарысаў і эсэ. У кнігу трапіла далёка ня ўсё, што напісаў у гэтым жанры Юры Гуменюк. Я паспрабаваў укласьці зборнік канцэптуальна.
У першым разьдзеле «Прывід даўніх Крэсаў» зьмешчаны вялікі аднайменны нарыс, у якім Юра прасочвае гісторыю свайго роду на працягу ўсяго шалёнага і крывавага ХХ стагодзьдзя - зь яго войнамі, пагромамі, бальшавіцкімі закалотамі і перасоўваньнямі дзяржаўных межаў. Гэты твор друкаваўся цягам году на старонках падляскага беларускага штомесячніка «Czasopis» (з №10, 2004 па №10, 2005). Напачатку новага стагодзьдзя Юра ўсур'ёз зацікавіўся сваім радаводам. Ён скрупулёзна вывучыў сямейны архіў – карэспандэнцыю, дакумэнты, дзёньнік дзеда па кудзелі Івана Сарокі. Увесь гэты матэрыял ён творча выкарыстаў у напісаньні «Прывіду даўніх Крэсаў». Аўтар палічыў сваім абавязкам зафіксаваць на паперы жыцьцярысы сваіх старэйшых сямейнікаў. Яшчэ ў маладосьці Юра на ўласныя грошы ўсталяваў вялікі двухмэтровы белы крыж на магіле свайго дзеда Іосіфа Гуменюка, якога вельмі любіў і лічыў сваім першым жыцьцёвым настаўнікам. У 2005 годзе побач зь дзедам быў пахаваны бацька Юры -- Ігар Гумянюк. А 23 студзеня 2013 года там знайшоў спачын і сам паэт.
У другім разьдзеле кнігі «Краiна нязьдзейсьненых мараў» сабраныя найбольш значныя эсэ Юры, якія датычаць асноўнай справы яго жыцьця – літаратуры і перадусім літаратурнай суполкі Таварыства Вольных Літаратараў. Бадай, ключавым тэкстам тут зьяўляецца эсэ, прысьвечанае гісторыі ТВЛ. Гэты тэкст паўстаў у 2003 годзе. Ён друкаваўся таксама ў штомесячніку «Czasopis» і быў напісаны з нагоды 10-годзьдзя літаратурнага згуртаваньня. «З упэўненасьцю можна сьцьвердзiць, што ТВЛ -- ужо набытак айчыннай гiсторыi, адзiн з важных элемэнтаў “Новай культурнай сытуцыi”», - напісаў Юра ва ўступным слове да ўспамінаў пра суполку. У эсэ ён распавядае пра розныя дасягненьні ТВЛ – ад выданьня часопіса «Калосьсе» да наладжваньня міжнародных літаратурных канфэрэнцый; ад уручэньня штогадовай літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» да выпуску кніг тэвээлаўскай выдавецкай суполкай «Полацкае ляда». Ёсьць у гэтым разьдзеле і два эсэ пра сяброў-паэтаў – Андрэя Пяткевіча і Славаміра Адамовіча. З Андрэем Пяткевічам Юра быў у адной студэнцкай літсуполцы «Верш-гурт Дыяген». Пяткевіч рана пайшоў з жыцьця -- у 28-гадовым узросьце (1995), эсэ «Візуальная тэрапія памяці» прысьвечаная сябру. Напісаў Юра і пра ўлюбёны часопіс, якому аддаў столькі фізычных і эмацыйных сілаў. «Мара майго ўзьнёсла-рамантычнага юнацтва пра прыгожы літаратурна-мастацкі часопіс, вакол якога згуртаваліся б сябры й калегі-аднадумцы, зьдзейсьнілася...» - так пачынаецца эсэ ««Калосьсе» як люстра жыцьця», якое было напісана ў якасьці спавешчаньня для трэцяй тэвээлаўскай канфэрэнцыі «Праблемы разьвіцьця і станаўленьня недзяржаўнага пэрыядычнага друку», што праходзіла ў Полацку 1-2 лістапада 1996 года. Па выніках канфэрэнцыі эсэ друкавалася ў літаратурна-філязофскім дадатку за газэты «Культура» «ЗНО» (10-16.12.1996). Ну і зусім унікальная публікацыя – інтэрвію для часопіса «Крыніца». Сёмы нумар «Крыніцы» за 1995 год быў прысьвечаны асобе і творчасьці Юрыя Гуменюка. Падобныя публікацыі называліся «Постацямі» і прысьвячаліся найбольш выбітным пісьменьнікам. Такім чынам гэта было прызнаньнем творчага таленту маладога гарадзенскага паэта рэдакцыйным калектывам выданьня, на чале якога стаялі Уладзімер Някляеў і Алесь Разанаў. У нумары друкаваліся вершы Юры і артыкулы крытыкаў і пісьменнікаў пра аўтара. Публікацыя пачыналася вялікім інтэрвію з героем нумара, якое ўзяў вядомы паэт і тагачасны супрацоўнік «Крыніцы» Леанід Галубовіч. У ім паэт распавёў пра сваё разуменьне творчасьці, пра гісторыю стварэньня ТВЛ і свае жыцьцёвыя арыентыры. Упершыню Юра выразна і ўпэўнена агучыў асноўную задачу сяброў ТВЛ: «Мы нічога не зьбіраемся адмаўляць і разбураць. Наша задача – максымальна рэалізавацца ў дадзеным часе і прасторы, не зважаючы ні на што».
Завяршаецца зборнік разьдзелам, прысьвечаным мастакам роднай Гародні. У дзяцінстве Юра любіў маляваць, у студэнцкія часы захапляўся імпрэсіяністамі. Магчыма, ён мог бы стаць мастаком, бо выяўленчае мастацтва яго сур’ёзна вабіла, а Гародня заўжды была багатая на майстроў пэндзля і алоўка. Найбольш паэт любіў творчасьць графіка Юрыя Якавенкі і жывапісца Сяргея Грыневіча. Творамі Якавенкі ён аздобіў адзін з нумароў часопіса «Калосьсе». Юра сябраваў з многімі мастакамі -- любіў размаўляць зь імі пра творчасьць, пра знакамітых майстроў, пра тэндэнцыі ў мастацкім сьвеце. І шмат пісаў пра мастацтва – рэцэнзіі на выставы, замалёўкі пра асобных творцаў. У выніку, назапасіўшы вялікі матэрыял, ён напісаў нарыс «Інэрцыя правінцыі як гарадзенскі фэномэн», які быў надрукаваны ў беластоцкім літаратурным беларускім часопісе «Правінцыя» (№1-2, 2000). У гэтай рэчы ён падрабязна апісаў мастацкае жыцьцё Гародні напачатку ХХІ стагоддзя.
З эсэістычнай і публіцыстычнай спадчыны Юрыя Гуменюка можна ўкласьці і выдаць яшчэ не адну кнігу. Мне, напрыклад, бачыцца кніга выключна пра літаратуру, пад вокладку якой можна сабраць рэцэнзіі на кнігі калег, Юравы спавешчаньні на літаратурных канфэрэнцыях, іншыя матэрыялы. Нават у самых невялікіх газэтных нататках Юру ўдавалася сказаць штосьці істотнае, заўважыць нешта такое, што было бачнае толькі яму.
Выказваю падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтай кнігі Аляксандру Максімюку і Наталі Герасімюк.

Profile

alesarkush
alesarkush

Latest Month

March 2017
S M T W T F S
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031 

Tags

Powered by LiveJournal.com
Designed by Tiffany Chow