Tags: Беласток

польскія яблыкі

У краме над скрынямі яблык стаяць дзьве бабулькі. Адна зь іх аглядае яблыкі. Кілаграм іх каштуе крыху больш за злоты. Побач нешта сартыруе крамная работніца. Бабулька бярэ ў руку адзін яблык і пытаецца ў работніцы: які гэта гатунак. Тая адказвае, што там ёсьць інфармацыя. Сапраўды над скрынямі ёсьць маляўнічы плакацік, на якім выявы яблык і назвы іх гатункаў. Бабулька пачынае вывучаць. Я чакаю, каб падыйсьці да скрыняў. Затым яна кладзе назад у скрыню яблык і тлумачыць сваёй сяброўцы, што ня той гатунак, памылілася. Сыходзяць. Я падыходжу да скрыняў і набіраю поўную торбу прыгожых, сакаўных пладоў, не высьвятляючы іх гатункаў. Бяру і той, пакрыўджаны бабулькай.

бацькоўская талерантнасьць

Пра бацькоўскую талерантнасьць у Польшчы ходзяць легенды. Учора бачыў прыклад тае талерантнасьці. У Беластоку прайшоў вельмі моцны дождж, нарабіўшы па горадзе шмат вялікіх лужынаў. Іду на працу і бачу такую карціну: хлопчык гадоў 6-7 гойсае па лужыне на сваім ровары. Лужына вялікая і глыбокая. Ён раз за разам яе праяжджае - з дзіцячым свавольствам і імпэтам. Вада ў лужыне брудная, бо хлопчык яе скаламуціў. Ягоны ровара ня мае задняга шчытка і бруд шчодра ліецца хлопчыку на сьпіну. І што вы думаеце, непадалёк стаіць ягоны бацька і назірае. Чакае, пакуль сын нацешыцца. Бацька таксама з роварам, ззаду ў фатэліку сядзіць зусім маленькая дачушка, якая з зайдрасьцю сочыць за братам. Побач з лужынай ідзе нейкі дзядок і пачынае ўшчуваць вісуса, маўляў, вось ад маці атрымаеш, бачыла б яна гэта. Бацька ж вухам не павёў. Хлопчык цешыцца далей. Хвілінаў пра пяць на светлафоры яны мяне дагналі. Сьпіна ў хлопчыка, нібыта ён пакачаўся ў гразі. Але такі вясёлы і задаволены. Нацешыўся.