Tags: думкі

эпітафія для апошняй нумізматычнай крамы ў Беластоку

Учора, шпацыруючы па Беластоку, заўважыў, што зачынілася апошняя ў горадзе нумізматычная крама на Складоўскай-Кюры. Засталася толькі адна філатэлістычная крама на Малмеда. Рацыянальнае і прагматычнае закатавае ўсё пад асфальтавы каток. Рамантыкі-калекцыянеры пэнсійнага ўзросту па інэрцыі тусуюцца ў сваіх маргінальных суполках. Самі з сабой. Дзеці ўжо не зьбіраюць маркі або значкі. Іх цікавяць віртуальныя жарсьці. Спецыялізаваныя крамы зачыняюцца. Гандляры пераходзяць у інтэрнэт. Для дзівакоў тут таксама знойдзецца свой куточак. Для поўнага шчасьця мне засталося знайсьці марку арміі Булак-Балаховіча.

літаратура і жыцьцё

Паглядзеў на фоткі Гэніка Лойкі, якога сёньня выпусьцілі з турмы, пабачыў яго бел-чырвона-белую стужку на галаве і згадаў раман Артура Клінава "Шалом". У прынцыпе, можна клінаўскі казераўскі шалом замяніць бел-чырвона-белай стужкай і мала што з беларускіх прыгодаў галоўнага героя зьменіцца.

Любая вежа павінна стаяць на трывалым падмурку...

Чытаючы ўспаміны Алеся Усені "Мой лістапад...", падумалася, што ў "холдынгу" "Нашай Нівы" Дубаўцу трэба было засноўваць яшчэ некалькі газэт для паспалітага люду. Любая вежа павінна стаяць на трывалым падмурку. Проста словы, ідэі, мары - гэтага недастаткова. Нацыянальныя лідары канца 80-х пачатку 90-х будавалі беларускую вежу на пяску. Таму яна гэтак кінематаграфічна і абрынулася.

белліт і філасофія

Цікава чытаюць мастацкія кнігі філосафы. Ва ўсім яны шукаюць матэрыял для сваіх развагаў і для падмацаваньня сваіх тэорыяў. Сёньня пра свае ўражаньні ад прачытаньня "Палімпсэсту" падзялілася Алена Ніякоўская. Пацьвердзіла, што твор напісаны як пострамантычны. Дала свае характарыстыкі ўсім героям. Ну, натуральна, і галоўнаму герою. Многае гучала для мяне як адкрыцьцё. Сказала, што піша нейкію працу паводле майго раману. Увогуле Алена Паўлаўна шчодра раздае розныя ідэі, думкі, вобразы. Люблю зь ёй размаўляць пра мастацтва.

Што нам рабіць для дасягненьня шчасьця?..

Сёньняшняга Лявона Вольскага мы ведаем галоўным чынам па гурту “Крамбамбуля” і гумарыстычных песьнях пра Саўку і Грышку, якія гучаць на Радыё Свабода. Цяперашнюю ягоную бурлескную творчасьць напэўна можна акрэсьліць тэрмінам “іранізм”. Менавіта Лявон Вольскі з’яўляецца яскравым прадстаўніком гэтага літаратурнага накірунку ў Беларусі. Сюды яшчэ можна дадаць хіба што Юрыя Гуменюка, Віктара Жыбуля і Веру Бурлак. І вялікае зьдзіўленьне атрымае малады прыхільнік творчасьці Вольскага, калі возьме ў рукі яго невялічкі паэтычны зборнічак “Фотаальбом”, які выйшаў напачатку ХХІ стагоддзя ў Менску.

Заглаўны верш зборніка, верлібр “Дзе я жыў раней...”, як бы настройвае чытача на экзістэнцыйную хвалю. У ім аўтар з настальгіяй згадвае месца, дзе ён жыў раней, дзе “здараліся дзіўныя рэчы”, якія прымушалі пераканацца “ў наканаванасьць лёсу, у выключнасьці прызначэньня”. Пасля таго, як лірычны герой кнігі з’ехаў у заасфальтаваны горад, гэтыя дзіўныя рэчы зьніклі.

У гэтай кнізе самыя здавалася б прыкольныя і просьценькія вершы маюць філасофскі падтэкст.
Collapse )

Васіль Купрэвіч

Ужо які раз пераконваюся, што тэорыі Васіля Купрэвіча абсалютна невядомыя ў Беларусі. З-за "нянадабнасьці" беларусам, яго забралі расейцы. Ён ужо прадстаўнік "расейскага касмізму". Але гэта не Адам Міцкевіч, або Ігнат Дамейка. Ён сам сябе называў Васілём, нарадзіўся на Смалявіччыне ў Кальніках, пазначаў сябе ў біяграфіях беларусам, выдатна ведаў беларускую мову і пісаў па-беларуску і ўрэшце ўзначальваў АН БССР. "Атрыбуціраваць" яго прыналежнасьць, здаецца, вельмі проста.

Ёсьць толькі адно выйсьце - выдаць прысьвечаны яму тэматычны нумар ARCHE. Дарэчы, маю эксклюзіўны тэкст Івана Сіняўскага пра дзяцінства прэзідэнта. (Прэзідэнта Акадэміі навук).

Калі хочам мець нешта сваё - мусім пра гэта рупіцца.

1327382524178530