Tags: запісы

Як я палемізаваў з Сакратам

Да Сакрата мяне прывёз Міхась Андрасюк, які ехаў у Крынкі дзеля гутаркі з пісьменьнікам для сваёй радыёперадачы. З паўгадзіны і я паразмаўляў з Сакратам. Ён амаль адразу перайшоў на балючую тэму беларусаў-калгасьнікаў. "Але пагадзіцеся, - сказаў я Сакрату, - што сярэднестатыстычны зрусіфікаваны беларус у маральным пляне больш прыстойны чалавек, чым сярэднестатыстычны нацыянальнацэнтрычны паляк". І гэтая мая заўвага паставіла Сакрата ў тупік. У прынцыпе ён ня ведаў, што мне адказаць. Хваліць палякаў не выпадала. Бо нацярпеўся ад іх.

Мудроў, Макмілін і Бітлы

На Кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі падарыў сп. Арнольду Макміліну новую кнігу Вінцэся Мудрова "Багун". Праз гадзіну зноў яго сустракаю і шаноўны дасьледчык беларускай літаратуры з Вялікай Брытаніі кажа мне: перадайце вялікі дзякуй Вінцэсю Мудрову, і яшчэ скажыце, што я пераглядзеў у лепшы бок свае адносіны да Бітлз.
Зь Бітламі старая гісторыя. Неяк у нулявыя гады сп. Макмілін прыехаў адмыслова ў Полацак пазнаёміцца са мной і Вінцэсем. Падчас нашай задушэўнай размовы Вінцэсь, з хваляваньнем у голасе, спытаў брытанскага госьця, як ён ставіцца да Бітлз. Макмілін адкаў, што ніяк ня ставіцца, бо любіць сур'ёзную музыку, а Бітлз такой не з'яўляецца. Што страшэнна засмуціла Вінцэся. І вось сп. Арнольд свае адносіны да легендарнай ліверпульскай чацьвёркі пераглядзеў. Пра што сёньня я й распавёў Мудрову. Вінцэсь на гэта адрэагаваў ляканічна: даўно б так!

польскія яблыкі

У краме над скрынямі яблык стаяць дзьве бабулькі. Адна зь іх аглядае яблыкі. Кілаграм іх каштуе крыху больш за злоты. Побач нешта сартыруе крамная работніца. Бабулька бярэ ў руку адзін яблык і пытаецца ў работніцы: які гэта гатунак. Тая адказвае, што там ёсьць інфармацыя. Сапраўды над скрынямі ёсьць маляўнічы плакацік, на якім выявы яблык і назвы іх гатункаў. Бабулька пачынае вывучаць. Я чакаю, каб падыйсьці да скрыняў. Затым яна кладзе назад у скрыню яблык і тлумачыць сваёй сяброўцы, што ня той гатунак, памылілася. Сыходзяць. Я падыходжу да скрыняў і набіраю поўную торбу прыгожых, сакаўных пладоў, не высьвятляючы іх гатункаў. Бяру і той, пакрыўджаны бабулькай.

пра беларускую літаратурную іерархію

Віктар Марціновіч на "Будзьме" разважае пра адсутнасьць літаратурнай іерархіі ў белліце. І сярод прычын гэткай анархічнай сітуацыі называе асаблівасьць беларускіх інтэлектуалаў, сярод якіх "кожны лічыць, што ён чэмпіён". Мушу не пагадзіцца з Віктарам. Думаю, гэта асаблівасьць любога творцы - завышаць, хаця б ва ўласным уяўленьні, сваё месца на Алімпе. Бо калі ты лічыш сябе беспрасьветным аўтсайдэрам - то навошта тады марнаваць сілы, час і рэсурсы.
На маю думку, ёсьць дзьве асноўныя прычыны: 1) брак элементарнай выхаванасьці; 2) адсутнасьць механізму стварэньня іерархіі. У нас практычна няма медыйнай прасторы, на якой тая іерархія магла б паўстаць. Іерархія ствараецца кансэнсусам - калі большасьць аўтарытэтных людзей прызнаюць нешта (кнігу, карціну, фільм) за адметны набытак роднай культуры, або асобу - за таленавітага творцу. А ў нас няма нават часопісу крытыкі. Усе гучныя абмеркаваньні кніг рабіліся штучна - на "уласных" рэсурсах і блізкімі людзьмі. Таму беллітпрастора існуе як архіпелаг (тэрмін Акудовіча) - вакол пэўных выданьняў, медыйных праектаў і выдавецтваў. Плюс падзел на "апазіцыйных" і "прыкарытных". У кожнай "выспы" - свае прыярытэты і аўтарытэты.
Прычына - адхіленьне дзяржавы ад нацыянальнага культурнага будаўніцтва. А па вялікім рахунку - адсутнасьць нацыянальна арыентаванай дзяржавы.

Пра кнігу “ТВЛ у люстэрку пэрыядычнага друку”

Гэтая кніга выйшла ў Полацку невялічкім накладам. Яна выконвае хутчэй архіўную ролю, бо аб’яднала асноўныя публікацыі пра літаратурную суполку з года яе заснавання – 1993-га , да года выхаду кнігі – 1999-га.

Увесь матэрыял у кнізе разьбіты на пяць асноўных разьдзелаў: “Пачатак”, дзе сабраныя матэрыялы пра ўстаноўчы сход ТВЛ; “Канфэрэнцыі, выступы, акцыі”, “Выдавецкая дзейнасьць”, “Літаратурная дзейнасьць” і “Заявы ТВЛ”. Напрыканцы кнігі зьмешчана падробная бібліяграфія публікацый пра ТВЛ і публікацый сяброў ТВЛ.

Аналізуючы публікацыі пра ТВЛ, можна зрабіць выснову, што ў 90-х гадах пра суполку пісаў пераважна рэгіянальны друк Наваполацка, Віцебска і Гародні. То бок, друк тых рэгіёнаў, дзе суполка актыўна дзейнічала, дзе жылі асноўныя, самыя актыўныя, сябры таварыства. Але і сталічны друк не абмінаў сваёй увагай суполку – перыядычна пра яе з’яўляліся матэрыялы ў газэтах “Культура”, “Наша Ніва”, “Звязда”.

Пачынаецца кніга тэкстам заявы, якая была прынятая на ўстаноўчым сходзе ТВЛ 8 траўня 1993 года. Ужо 14 траўня заяву надрукаваў тыднёвік “Літаратура і Мастацтва” з прыхільным каментаром Юрася Залоскі. Далей у кнізе друкуюцца артыкулы і інтэрвію сяброў ТВЛ, у якіх тлумачыцца, дзеля чаго была заснавана літаратурная суполка. З вялікім артыкулам у “Звяздзе” выступіў Алесь Касьцень, удзельнік устаноўчага сходу. Назва артыкула гаворыць сама за сябе: “Мы хочам быць самастойнымі”, альбо Ці патрэбна Саюзу пісьменнікаў альтэрнатыва”. Рэгіянальны друк друкуе інтэрв’ю з Ігарам Сідаруком і Юрыем Гуменюком, у якіх гэтыя актыўныя тэвээлаўцы тлумачаць патрэбу ў незалежнай літаратурнай суполцы.

Далей кніга адлюстроўвае дзейнасьць ТВЛ – тут змешчаны артыкулы пра асобныя мерапрыемствы суполкі – канфэрэнцыі, прэзентацыі, вечарыны і нават мастацкія выставы, а таксама рэцэнзіі на кнігі, якія выдалі тэвээлаўцы, і рэпартажы з уручэнняў літаратурнай прэміі ТВЛ “Гліняны Вялес”.

Цікавым будзе для дасьледчыкаў літаратуры і заключны разьдзел кнігі, у якім надрукаваны розныя заявы, пераважна палітычнага характару. У 1994 годзе ТВЛ прыняла заяву, у сувязі з палітычнымі падзеямі ў краіне, калі быў адхілены ад пасады Старшыні Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч. У гэтым жа годзе ТВЛ прымае заяву ў падтрымку закрытай радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная” і заяву з нагоды першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. А ў 1996 годзе ў “Нашай Ніве” была надрукавана заява ў абарону сябра ТВЛ Славаміра Адамовіча, які трапіў у турму за верш.

У сьвятле сёлетняга 20-гаддзя Таварыства Вольных Літаратараў гэтая кніга выглядае як збор дакументаў беларускай гісторыі канца ХХ стагоддзя. Дакладней, гісторыі невялікай літаратурнай суполкі, якая вырашыла стаць вольнай.

Віншую Алеся Разанава з днём нараджэньня!

Было гэта, здаецца, у 1988 годзе. Адбывалася нарада маладых літаратараў у Іслачы. Менавіта падчас той нарады мы, семінарысты, выдалі насценную газэту "Масонская лажа". Фронда маладых у тыя гады зашкальвала. Нікога са старэйшых калегаў у сур'ёз мы не ўспрымалі і адразу ішлі "ў рожкі". Але тут прыехаў у Іслач Алесь Разанаў, і ўся нашая фронда зьнікла, як ранішні туман. Сустрэлі яго як гуру, лавілі кожнае слова. У прыватнай размове я распавёў яму пра полацкія выдавецкія пляны. ( Ужо выходзіў "Ксэракс Беларускі".) Ён ухвалі. Казаў: і тое, што ў Полацку, і тое, што самастойна, - гэта вельмі добра. Я папрасіў пакінуць аўтограф на праграмцы нарады. Ён прыгожым почыркам, вялікімі літарамі напісаў па дыяганалі "Сустрэнемся на барыкадах!!!".